Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы і палякі аднавілі лямус у Горадні

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 20.11.2018 11:00
У Горадні скончыўся трэці этап рэстаўрацыі лямуса XVIII ст.
Фота: belta.by

У Горадні скончыўся трэці этап рэстаўрацыі аднаго з найстарэйшых драўляных будынкаў у Беларусі — лямуса XVIII стагодзьдзя, паведаміла навуковы кіраўнік праекта Алена Шчасная.

Лямус — гэта двухпавярховы будынак гаспадарчага прызначэньня на тэрыторыі былога кляштара брыгітак, што на вул. Карла Маркса. Ён быў пабудаваны без аніводнага мэталічнага элемэнта.

Падчас рэстаўрацыйных работ быў заменены падмурак, ніжні драўляны вянок. Будынак падымалі на дамкратах, выраўноўвалі.

На другім этапе былі заменены драўляныя элемэнты, якія прыйшлі ў непрыдатнасць. Лямус быў пабудаваны з іглічных парод драўніны, такі ж матэрыял выкарыстоўваўся для рэстаўрацыі.

На трэцім этапе было заменена пакрыцьцё даху старажытнага будынка. У якасьці пакрыцьця выкарыстана гонта — колатыя дошчачкі з асіны. З часам гэта драўніна набудзе высакародны бляск.

У работах па аднаўленьні будынка ў Горадні ўдзельнічаюць польскія спэцыялісты пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

Рэстаўрацыя вядзецца згодна з пагадненьнямі, дасягнутымі на пасяджэньні беларуска-польскай кансультацыйнай камісіі па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пад кантролем Міністэрства культуры Беларусі, — адзначылі ва ўпраўленні культуры Гарадзенскага аблвыканкама.

Рэканструкцыя лямуса будзе працягнутая ў наступным годзе — наперадзе работы ўнутры лямуса. У пэрспэктыве ў гістарычным будынку разьмесьціцца музэй.

Belta.by; Dzieje.pl/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт