Слуцкі раённы выканаўчы камітэт даў дазвол на правядзенне 24 лістапада ў Слуцку дэманстрацыі і мітынгу з нагоды 97-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну.
Пра гэта ў сваім фэйсбуку з хэштэгам #СЗЧ2018 паведаміў сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Амяльковіч. Масавыя мерапрыемствы адбудуцца 24 лістапада. У 11:00 прызначаны збор удзельнікаў каля гарадзкога стадыёну (вул. Віленская, 14), далей дэманстрацыя рушыць да гарадзкога парку, у якім ад 11:45 да 12:30 пройдзе мітынг.
Як і ў мінулым годзе, улады зьмянілі маршрут заплянаванай дэманстрацыі, не дазволіўшы заяўнікам акцыі прайсьці калёнай па галоўнай вуліцы Слуцку, як было заплянавана паводле першапачатковай заяўкі.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябра Сойму Партыі БНФ Павал Батуеў, сябра Сойму Партыі БНФ і каардынатар грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За свабоду” па Менскай вобласьці Віталь Амяльковіч і прадстаўнік руху салідарнасьці “Разам”, мастак Генадзь Драздоў.
Як паведамляюць заяўнікі, у гэты ж дзень у Слуцку адбудзецца канцэрт Лявона Вольскага, арганізатары дэманстрацыі і канцэрту ўзгадняюць свае пляны.
“Слуцкае паўстаньне — адзін з найяскравейшых прыкладаў праявы мужнасьці і адвагі беларусаў, якія змагаліся за незалежнасьць нашай краіны. Менавіта такія гістарычныя даты мы павінныя шанаваць дзеля мацаваньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь на цяпершнім этапе яе развіцьця. Мы разлічваем, што на акцыю ў Слуцку прыедуць патрыёты і з Менску, і з іншых гарадоў” – сказаў Аляксей Янукевіч.
Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Адзін месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, супраціўляліся наступу савецкіх войскаў. 14 лістапада 1920 году распачалася збройная абарона незалежнасьці Беларусі на Случчыне. У гэты дзень там распачаўся Зьезд, які абраў Раду Случчыны. Задачамі Рады стала арганізацыя грамадзянскага кіраваньня, а таксама абароны краю. Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі. Збройныя дзеяньні адбываліся з 27 лістапада па 31 сьнежня 1920 году.
З 1980-х гадоў угодкі Слуцкага Паўстаньня, як знакавая падзея ў гісторыі барацьбы за незалежнасьць, Беларусі адзначаюцца беларускім грамадзтвам як Дзень Герояў. Афіцыйныя ўлады ігнаруюць антыбальшавіцкі збройны чын.
ПБНФ/нг