Найноўшыя тэлефоны Apple ў Беларусі каштуюць найбольш у сьвеце
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
19.10.2018 13:09
Кошт разьмясьціўся ў дыяпазоне ад 3499 да 4999 рублёў.
iPhone Xs і iPhone Xs Maxhttps://www.apple.com/pl/shop/buy-iphone/iphone-xs
Беларусь абагнала ўсе краіны сьвету па цэнах на iPhone Xs і iPhone Xs Max.
19 кастрычніка ў Беларусі стартаваў прадзаказ на iPhone Xs і iPhone Xs Max. Таксама сталі вядомыя афіцыйныя цэны для беларускіх пакупнікоў. Кошт разьмясьціўся ў дыяпазоне ад 3499 да 4999 рублёў. Найноўшыя гаджэты Apple для пакупнікоў з Беларусі каштуюць найбольш у сьвеце.
Сайт TUT.BY супаставіў цэны з сайта Apple і аўтарызаваных рэсэлераў у розных краінах – ад ЗША да Японіі.
На старце продаж iPhone Xs з 64 ГБ убудаванай памяці абыдзецца беларусам у 3499 рублёў. Гэта 1660 даляраў па бягучым курсе. У ЗША за гэты гаджэт прыйдзецца аддаць 999 даляраў (плюс падатак з продажу, індывідуальны для кожнага штата). У Расеі кошт складзе 1345 даляраў, у Польшчы – 1342, у Літве – 1364.
iPhone Xs Max з 64 ГБ у Беларусі ў афіцыйным продажы варта 3799 рублёў, або 1803 даляры. У ЗША за гэтую ж прыладу просяць 1099 даляраў, у Расеі – 1483, у Польшчы – 1476, у Літве – 1479.
Дарэчы, беларускія інтэрнэт-крамы ўжо пачалі продаж навінак. Іх кошты традыцыйна ніжэй, аднак яны не даюць афіцыйнай гарантыі ад Apple.
У неафіцыйным продажу iPhone Xs каштуе ад 2560 да 3590 рублёў. iPhone Xs Max абыдзецца ў 3045 – 4199 рублёў.
tut.by/яс