Logo Polskiego Radia
Print

Як зрабіць зь лідзкіх красовак дабрачынны стартап

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.10.2018 12:02
Дырэктар Лідзкай абутковай фабрыкі Ўладзімер Чыжык пагадзіўся падтрымаць стартап.
foto:pixabay.com

Адзін з самых знаных вазочнікаў Беларусі Саша Аўдзевіч разам з камандай паплечнікаў прыдумалі, як ператварыць продаж красовак у дабрачынны праект.

2 кастрычніка яны сустрэліся з дырэктарам Лідзкай абутковай фабрыкі Ўладзімерам Чыжыкам, і ён пагадзіўся падтрымаць стартап.

Праект назвалі «Дзьве палоскі» — менавіта столькі будзе на баках «дабрачыннай» мадэлі лідзкіх красовак.

Ідэя праекту ў тым, каб усе да капейкі грошы, якія пакупнік заплаціць за красоўкі, ішлі на дабрачыннасьць. На пашырэньне безбарʼернага асяродзьдзя, усталёўку пандусаў, мэдычную дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасьцямі, догляд за самотнымі старымі і падобнае.

Аўтары ідэі мяркуюць, што выкупляць партыі красовак будуць бізнэсоўцы. Узамен на язычках красовак разьмесьцяць іхны лягатып.

Красоўкі зь дзьвюма палоскамі будуць прадавацца ня толькі ў крамах, але і ў кавярнях ды гатэлях. Іх можна будзе пазнаць па QR-кодзе на задніку, у якім будзе «зашыта» спасылка на сайт праекту.

Праект «Дзьве палоскі» будзе ўдзельнічаць у конкурсе сацыяльных стартапаў Social Weekend. Але аўтары поўныя рашучасьці рэалізаваць праект незалежна ад вынікаў конкурсу.

Першую партыю пачнуць распрацоўваць неўзабаве. Вырабіць яе абяцаюць да канца году. Красоўкі плянуюць выпускаць розных колераў і памераў, для дарослых і дзяцей. Прадаваць іх хочуць за цану — 25-30 рублёў.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт