Сям’я з-пад Дрыбіна адмаўляецца ад цывілізацыі й дачыненьняў з дзяржавай
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
24.08.2018 13:48
Тэхнікай Гуляшовы не карыстаюцца, тэлефонаў ня маюць, тэлебачаньня таксама. 23 жніўня адмовіліся і ад электрычнасьці.
commons.wikimedia.org/Gumisza/CC BY-SA 3.0
Андрэй і Ларыса Гуляшовы жывуць у вёсцы Кароўчына. Гэта Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласьці. Цяпер яны з дарослым сынам, непаўналетняй дачкой і аднавяскоўкай хочуць адмовіцца ад усякага дачыненьня да дзяржавы і дабротаў цывілізацыі.
Самі сябе Андрэй і Ларыса называюць проста хрысьціянамі. Не належаць да ніякай царквы ні сэкты. «Хадзілі ў мясцовую, але нас адтуль выгналі – надта шмат мы пытаньняў задавалі, – распавяла «Нашай Ніве» Ларыса Гуляшова.
Тэхнікай Гуляшовы не карыстаюцца. Тэлефонаў не маюць, тэлебачаньня таксама. 23 жніўня адмовіліся і ад электрычнасьці.
Кажуць, хочуць жыць самі па сабе. Есьці плянуюць тое, што вырасьце на сваёй зямлі. І ня хочуць мець кантактаў ані з іншымі людзьмі, ані з дзяржавай. Цяпер Гуляшовы ўжо жывуць толькі са сваёй гаспадаркі і са сваёй зямлі. Часам штосьці купляюць у крамах, але хочуць перастаць набываць нават вопратку, запалкі і соль.
Ларысе і Андрэю па 45 гадоў. Разам з імі разьвітацца з дзяржавай і грамадзтвам плянуюць двое іх дзяцей. Старэйшы сын, якому 23 гады, ужо заявіў, што таксама будзе жыць з бацькамі і працаваць на зямлі. Тое ж плянуе і іх 15-гадовая дачка. У школу сёлета яна не пойдзе.
Сярэдні сын Гуляшовых іх не падтрымлівае, жыве асобна. Але да Гуляшовых далучылася іх «сястра ў Хрысьце» – жыхарка Кароўчына Тамара Уладзіміраўна.
Гуляшовы падрыхтавалі зварот да Лукашэнкі, у якім напісалі: «мы больш ня можам выконваць грамадзянскія абавязкі і ўдзельнічаць у грамадзка-палітычным жыцьці дзяржавы».
Гуляшовы паехалі ў КДБ у Магілёў аддаць пашпарты, але ніхто іх забраць ня хоча.
Прадстаўнікі мясцовай улады кажуць пра іх: «Працавітыя. Але своеасаблівая сям’я, можна сказаць дзікая, (...) жывуць у сваім сьвеце, нікога ў яго не пускаюць. (...) Але не п’юць».
nn.by/яс