Фільм пра БелАЗы выйшаў у фінал фэстывалю ў Канах
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
23.08.2018 10:12
Прэм'ера „Гонкі кантынэнтаў” заплянаваная на 28-29 верасьня, у дні сьвяткаваньня юбілею БелАЗа.
Foto: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0
Карпаратыўны фільм „Гонка кантынэнтаў” кінапраекта „БелАЗ 70” увайшоў у сьпіс фінальных конкурсных работ штогадовага міжнароднага фэстывалю-конкурсу карпаратыўных і дакумэнтальных тэлевізійных фільмаў The Cannes Corporate Media & TV Awards. Такая інфармацыя разьмешчана на сайце ААТ „БелАЗ” - кіруючай кампаніі холдынгу „БелАЗ-Холдынг”.
Фільм пра беларускія самазвалы прадстаўлены ў дзьвюх намінацыях – „Галоўны карпаратыўны фільм” і „Унутраныя камунікацыі”. Яго зьняла новасыбірская кампанія LBL-Production да 70-годзьдзя БелАЗа.
Паводле задумы аўтараў, фільм павінен паказаць моц тэхнікі беларускага прадпрыемства, якая аднолькава пасьпяхова працуе ў розных кліматычных умовах. „Каб паказаць гэта, вырашана было арганізаваць своеасаблівае спаборніцтва самазвалаў у Кузбасе, дзе тэмпэратура часам апускаецца да мінус 50 градусаў, і ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе нярэдка бывае да плюс 50 градусаў. На экранах мы ўбачым адначасовы старт у расейскім Кемераве і паўднёваафрыканскім Кейптаўне. У фільме будуць пагрузка, разгрузка, упэўнены рух кар'ернага самазвала грузападымальнасьцю 220 т па тэхналягічных дарогах, а таксама цудоўныя пэйзажы за акном”, - гаворыцца ў паведамленьні.
Прэм'ера „Гонкі кантынэнтаў” заплянавана на 28-29 верасьня, у дні сьвяткаваньня юбілею БелАЗа. Напярэдадні, 27 верасьня, адбудзецца фінал міжнароднага фэстывалю ў Канах. Гэта адзін з самых прэстыжных аглядаў карпаратыўных і дакумэнтальных тэлефільмаў. У складзе журы фэстывалю - ляўрэаты прэмій „Оскар” і „Эмі”.
belta.by/аз