За махлярства затрыманы кіраўнік віцебскай ЛДП
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
16.08.2018 16:21
Падазраваны абяцаў дапамагчы па зьмякчэньні пакараньня для былога дырэктара Аршанскага авіярамонтнага заводу.
Pixabay/CC0 License/3839153
Аршанскія сьледчыя расьсьледуюць справу аб махлярстве. Сярод фігурантаў – кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі.
Учора пра затрыманьне ў кіраўніцтве партыі паведаміў TUT.by, сёньня гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Сьледчым камітэце.
«Асноўнымі фігурантамі зьяўляюцца мужчына (паводле матэрыялаў справы – старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі) і жанчына (дырэктар ТАА). Акрамя таго, па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства затрыманыя яшчэ двое мужчын (абодва беспрацоўныя, адзін з іх, паводле матэрыялаў справы, – намесьнік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі)», – адзначаецца ў прэс-рэлізе СК.
Падазраваныя абяцалі вырашыць пытаньні па зьмякчэньні пакараньня для былога дырэктара Аршанскага авіярамонтнага заводу Ўладзіміра Траецкага, якога сёлета ў лютым прысудзілі да 4 гадоў пазбаўленьня волі за «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі». За гэта яны запатрабавалі ў жонкі асуджанага $ 8 тыс., калекцыю памятных манэтаў з золата і срэбра, а таксама ювэлірныя вырабы агульным коштам каля 40 тыс. рублёў, паведамляюць у СК. Аднак нават не зьбіраліся выконваць тое, што абяцалі.
У кватэрах падазраваных праведзеныя ператрусы, накладзены арышт на іх маёмасьць.
Паводле TUT.by, галоўны фігурант справы, кіраўнік віцебскай арганізацыі ЛДП – Сяргей Ермыкін. Ён таксама зьяўляецца намесьнікам старшыні партыі. Цяпер імя Ермыкіна прыбралі з сайту ЛДП.
У 2015 годзе Ермыкін быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Сяргея Гайдукевіча (старшыня ЛДП).
Падчас выбарчай кампаніі ён казаў, што Гайдукевіч – гэта адзін, хто можа пазмагацца з Аляксандрам Лукашэнкам, заклікаў не дапусьціць Майдану ў Беларусі і крытыкаваў дэмакратычную апазыцыю.
belsat.eu/яс