Радавога Коржыча давялі да самагубства – Сьледчы камітэт
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
19.04.2018 18:00
10 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што асабіста кантралюе сытуацыю па расьсьледаваньні гібелі Коржыча.
Радавы Аляксандр Коржыч, які праходзіў службу ў Печах пад Барысавам, быў даведзены да самагубства, пра такія высновы сьледзтва паведаміў 19 красавіка журналістам начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту (СК) Алег Шандаровіч. Паводле яго слоў, расьсьледаваньне крымінальнай справы завершанае.
21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі й надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка 2017 года ў падвале мэдыцынскай роты. 5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі з гэтым не пагадзіліся й заявілі аб насільным характары сьмерці. У выніку СК распачаў справу, разглядаліся тры вэрсіі таго, што здарылася: давядзеньне да самагубства, забойства й самагубства.
Па справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: у тым ліку два афіцэры, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мер па прадухіленьні гібелі радавога з арміі звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое – адхіленыя ад працы.
Пасьля здарэньня ў вайсковай часьці ў Печах апытаныя 18 тысяч звольненых у запас ваеннаслужачых тэрміновай службы й іх сваякоў, распачатыя дзьве крымінальныя справы.
10 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што асабіста кантралюе сытуацыю па расьсьледаваньні гібелі Коржыча.
паводле белапан/вс