Эўразьвяз выказаў спадзеў, што Лукашэнка скасуе сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
18 красавіка ў Менску з удзелам прадстаўнікоў Эўразьвязу, Рады Эўропы і Палаты прадстаўнікоў праходзіць круглы стол аб пэрспэктывах скасаваньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын на круглым стале «Прававыя аспэкты адмены сьмяротнага пакараньня» пракамэнтавала галоўны аргумэнт беларускіх уладаў у нежаданьні адмяніць найвышэйшую меру – маўляў, нельга ісьці супраць волі народу, які на рэфэрэндуме выказаўся за яе захаваньне.
Прадстаўніца Эўразьвязу заявіла, што тут вельмі многае залежыць ад пазыцыі лідара краіны: «Моцныя лідары не заўжды ідуць за грамадзкай думкай. Яны вядуць грамадзтва за сабою, асабліва ў такіх адчувальных пытаньнях, як сьмяротнае пакараньне. Таму, мабыць, неабходна асабістая воля моцнага лідара Беларусі, каб адмяніць сьмяротнае пакараньне».
Андрэа Віктарын нагадала, што падчас рэфэрэндуму ў заканадаўстве Беларусі не існавала такой прававой нормы, як пажыцьцёвае зьняволеньне. Магчыма, калі б на той час яна была, вынікі ўсенароднага волевыяўленьня маглі быць іншымі.
Прадстаўніца Эўразьвязу сказала, што толькі сёлета ў лютым беларускае грамадзтва даведалася пра выкананьне чарговага сьмяротнага пакараньня, якое адбылося яшчэ ў кастрычніку 2017 году.
«Я лічу такое стаўленьне да сям’яў пакараных негуманным», – падкрэсьліла Віктарын.
Яна зьвярнула ўвагу прадстаўнікоў улады, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе яшчэ існуе сьмяротнае пакараньне. «Усе чальцы Эўразьвязу і Рады Эўропы ад гэтага адмовіліся», – падсумавала сытуацыю Андрэа Віктарын.
https://www.svaboda.org/a/29174324.html

Радыё Свабода/ав