Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі затрымалі двух хакераў з групоўкі, якая скрала мільярд эўра

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 28.03.2018 08:47
Беларускія хакеры кралі грошы з «Альфа-Банку» i з 27 банкаматаў, разьмешчаных у Менску, Магілёве ды Віцебску.
pixabay.com/Public Domain/CC0

У Беларусі прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці двух удзельнікаў злачыннай схемы, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.

Яны ўваходзілі ў міжнародную злачынную групоўку «Cobalt», якая скрала з банкаў розных краінаў больш за мільярд эўра. У аторак стала вядома пра затрыманьне кіраўніка злачыннай групоўкі.

З дапамогай вірусаў хакеры пранікалі ў кампютарныя сеткі банкаў. Грошы пераводзілі на рахункі саўдзельнікаў у розных краінах або вымалі з банкаматаў, кіруючы імі дыстанцыйна. За свае паслугі саўдзельнікі атрымлівалі палову скрадзенай сумы, астатняе перасылалі лідэру групы, які захоўваў скрадзенае ў крыптавалюце.

Хакеры змаглі ўзламаць сыстэму бясьпекі аднаго з беларускіх банкаў – «Альфа-Банку». Яны кралі грошы з 27 банкаматаў, разьмешчаных у Менску, Магілёве ды Віцебску.

Аднаго з затрыманых прысудзілі да 11,5 гадоў пазбаўленьня волі (прысуд пастаноўлены, але пакуль не ўступіў у сілу), а крымінальную справу ў дачыненьні да другога Сьледчы камітэт перадаў пракурору для накіраваньня ў суд.

belsat.eu/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт