Logo Polskiego Radia
Print

Плякаты пра Курапаты зьявяцца ў публічных прасторах Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.02.2018 09:03
Грошы на плякаты сабраныя падчас існаваньня лягеру абароны Курапатаў у лютым-сакавіку 2017.
КурапатыКурапаты Photo:Andrej Kuźniečyk/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Прысьвечаныя расстрэлам у Курапатах плякаты зьявяцца ў публічных прасторах Беларусі. Гаспадарам публічных пляцовак, якія зацікаўленыя ў пашырэньні інфармацыі пра сталінскія рэпрэсіі, перададуць плякаты прысьвечаныя „Ночы расстраляных паэтаў”.

Плякаты зрабілі ўдзельнікі руху „Дзея”, дызайн належыць менчуку Аляксандру Чабатарову. Усяго надрукавалі 100 плякатаў, на кожным зь якіх пазначаны парадкавы нумар. Грошы на выданьне плякатаў былі сабраныя падчас існаваньня лягеру абароны Курапатаў у лютым-сакавіку 2017.

На плякаце разьмешчаны імёны 132 чалавек, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Іх прозьвішчы ўтвараюць форму гукавой хвалі й лінію біцьця сэрца, якую расьсякае куля.

„Сьлед ад кулі павялічваецца, сьціраючы літары ў імёнах, і чым далей, тым складаней прачытаць. Сьціраюцца імёны, а зь імі й памяць пра падзею. Плякат створаны каб памятаць”, — кажа Аляксандар Чабатароў.

У „чорную ноч беларускай гісторыі” супрацоўнікі НКВД расстралялі больш за 100 чалавек. Сярод іх былі прадстаўнікі беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі й дзяржаўнага апарату.

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт