Актывіст БХД у знак пратэсту зьняўся з выбараў у Менгарсавет
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
10.02.2018 15:23
Максім Гацак раней быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Чыгуначнай акрузе № 20 Менска.
Максім Гацак. Фота са старонцы ў сацсетцы Facebookfacebook.com/maksim.hacak
Прэс-сакратар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Максім Гацак зьняў сваю кандыдатуру з выбараў у Менскі гарадзкі савет дэпутатаў. Такім чынам актывіст вырашыў выказаць свой пратэст супраць дыскрэдытацыяй дзяржаўнымі тэлеканаламі кампаніі незалежнага назіраньня «Права выбару».
Як паведамляе інфармагенцтва БелаПАН, Гацак раней быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Менгарсавету па Чыгуначнай выбарчай акрузе № 20.
«Сытуацыя, калі галоўным ворагам у дзяржаўных СМІ абвяшчаюцца незалежныя назіральнікі, ярка ілюструе тое, што ніякага празрыстага падліку галасоў на гэтых выбарах, як і на папярэдніх, ня будзе. А значыць і падставаў давяраць афіцыйным вынікам галасаваньня няма», – адзначае актывіст БХД.
Як паведаміў журналістам лідар хрысьціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі, 8 лютага на адным з тэлеканалаў беларускага тэлебачаньня прайшоў сюжэт, зь якога можа зрабіць выснову аб таемным праслухоўваньні ўдзельнікаў кампаніі назіраньня за выбарамі.
У кампанію назіраньня «Права выбару – 2018» уваходзяць Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За Свабоду», аргкамітэты па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» й Партыі свабоды й прагрэсу, а таксама прафсаюз РЭП.
Галоўнай мэтай кампаніі зьяўляецца актыўнае назіраньне, накіраванае ня толькі на фіксацыю парушэньняў, але й на супрацьдзеяньне ім.
naviny.by/ап.