У Наваградку хочуць перайменаваць вуліцу Савецкую ў гонар Барыса Кіта
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
05.02.2018 19:14
Актывісты зьбіраюць подпісы пад пэтыцыяй, якую адправяць у мясцовы райвыканкам.
Фарны касьцёл Праабражэньня Гасподняга, Наваградакcommons.wikimedia.org/Public Domain CC0
Перайменаваць вуліцу Савецкую ў Наваградку й назваць яе ў гонар самага вядомага беларуса Барыса Кіта хочуць землякі вядомага навукоўца. Цяпер яны зьбіраюць подпісы пад пэтыцыяй, якую адправяць у мясцовы райвыканкам.
Пэтыцыя была створана 2 лютага й сабрала больш за дзьве сотні подпісаў. У ёй аўтар нагадвае: знакаміты беларускі навуковец Барыс Кіт, які памёр 1 лютага на 108 годзе жыцьця, вырас на Наваградзкай зямлі й лічыцца ганаровым грамадзянінам горада.
«Лепш за ўсё для перайменаваньня падыходзіць вуліца Савецкая. Яна зьяўляецца адной з цэнтральных вуліц горада й праходзіць паралельна вуліцы Міцкевіча. Такім чынам, пасьля перайменаваньня ў сэрцы горада маглі б знаходзіцца дзьве вуліцы, названыя ў гонар вядомых сыноў Наваградчыны», – гаворыцца ў пэтыцыі.
Як дадае аўтар звароту, калісьці сам Барыс Кіт казаў, што прысваеньне яму званьня ганаровага грамадзяніна Наваградка было для яго самым вялікім гонарам.
Нагадаем, Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў сям’і беларуса ў Пецярбургу, праз восем гадоў сям’я вярнулася на радзіму на Наваградчыну, тут Барыс Кіт у 1928 годзе скончыў беларускую гімназію. Пасьля заканчэньня ў 1933 годзе Віленскага ўнівэрсытэта працаваў выкладчыкам. У 1948 годзе пераехаў у ЗША, дзе працаваў над ракетным палівам і разьлікамі палётаў касьмічных караблёў. З 1972 года Кіт жыў у Нямеччыне, зьяўляецца аўтарам мноства навуковых прац і ляўрэатам розных міжнародных прэмій, валодаў сям’ю мовамі.
радыё рацыя/спутник/вс