Бюро Прэзыдыума НАН вызначыла топ-10 вынікаў дзейнасьці вучоных акадэміі за 2017 год у галіне фундамэнтальных і прыкладных дасьледаваньняў.
Аўтарскі калектыў Цэнтра дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі распрацаваў мэтадалёгію канвэртаваньня электроннага артаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанэтычную транскрыпцыю і стварэньне першага поўнага беларускага лінгвістычнага даведніка.
Навукоўцы Інстытута гісторыі ўвайшлі ў лік пераможцаў за адкрыцьцё на Палесьсі ўнікальных для сусьветнай гістарычнай навукі славянскіх паселішчаў, а таксама раскрыцьцё працэсу фармаваньня і разьвіцьця раньнеславянскіх супольнасьцяў на тэрыторыі Беларусі.
У дзясятку трапіў калектыў навукоўцаў Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі. Іх узнагародзяць за фундамэнтальныя дасьледаваньні і распрацоўку малагабарытнага мабільнага супэркампʼютара для апрацоўкі вялікіх масіваў дадзеных і рашэньня задач высокадакладнай мадэляваньня і праектаваньня.
Аўтарскі калектыў НПЦ па матэрыялазнаўстве адзначаць за распрацоўку і сынтэз кампазыцыйных і нанаструктурных магнітных матэрыялаў, якія забясьпечваюць высокія функцыянальныя ЗВЧ-характарыстыкі і абарону вырабаў мікраэлектронікі ад дэстабілізуючых вонкавых узьдзеяньняў.
Навукоўцы Абʼяднанага інстытута энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў – Сосны ўвайшлі ў дзясятку лепшых за стварэньне мэтадаў і праграм разьліку аптычных перасекаў атамных ядраў з гарантаванай дакладнасьцю, што прымяняюцца пры вырашэньні навуковых і інжынэрных задач атамнай энэргетыкі.
Калектыў навукоўцаў Інстытута біяарганічнай хіміі будзе ўзнагароджаны за ўсталяваньне малекулярнага мэханізму падаўленьня імунітэту чалавека мікабактэрыямі Mycobacterium tuberculosis з мэтай стварэньня процітубэркулёзных прэпаратаў новага пакаленьня.
Калектыў Інстытута біяарганічнай хіміі – за выяўленьне новага ўнівэрсальнага індыкатара антыаксыдантнага патэнцыялу для дыягностыкі ўстойлівасьці чалавека да акісьляльнага стрэсу.
Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяфізыкі і клетачнай інжынэрыі, кандыдат біялягічных навук, дацэнт Сяргей Федаровіч адзначаны за ўсталяваньне мэханізму парушэньняў сынаптычнай перадачы ў нейронах у жывёлаў пры гіпаксіі, карэкцыя якіх дазваляе абараніць мозг ад пашкоджаньняў пры ішэмічным інсульце.
За выяўленьне і інактывацыю генаў рэгуляцыі біясынтэзу антымікробных метабалітаў у бактэрый, што дазваляе істотна павысіць прадукцыю мэтавых біялагічна актыўных злучэньняў і стварыць сродкі абароны расьлін новага пакаленьня, адзначаны калектыў аўтараў Інстытута мікрабіялёгіі.
Навукоўцы Інстытута глебазнаўства і аграхіміі стварылі мікробную кампазыцыю, якая спалучае ўласьцівасьці біяўгнаеньня, рэгулятара росту і біяфунгіцыду.
Узнагароджаньне пераможцаў будзе прымеркавана да сьвяткаваньня Дня беларускай навукі ў канцы студзеня 2018 года.
belsat.eu/яс