Супраць шклянога гмаху на Кастрычніцкай сабралі больш за 1000 подпісаў
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
02.01.2018 12:18
На месцы зьнесенага Музэю Вялікай Айчыннай вайны сэрбская кампанія намераная пабудаваць офісны цэнтар.
Праект офіснага цэнтру на Кастрычніцкай плошчы Менска. Фота з сайта petitions.by. petitions.by
За 4 сьвяточныя дні супраць пабудовы бізнэс-цэнтру ў самым сэрцы Менска падпісаліся 1300 чалавек. Грамадзяне Беларусі пратэстуюць супраць узьвядзеньня на Кастрычніцкай плошчы офіснага гмаху «БК Капітал Цэнтар – перадае Радыё «Свабода». Бізнэс-цэнтар на месцы зьнесенага Музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны намераная пабудаваць сэрбская кампанія Dana Holdings.
Збор подпісаў супраць офіснага цэнтру пачаўся 28 сьнежня на сайце petitions.by. «Не дапусьцім узьвядзеньня вельмі пасрэднага, несучаснага, залішне эклектычнага, недарэчнага і дысануючага з навакольнай забудовай будынка бізнэс-цэнтру ў самым цэнтры Менску», – гаворыцца ў заяве.
Аўтары пэтыцыі плянуюць сабраць дзьве тысячы подпісаў, пасьля чаго накіруюць іх у Камітэт архітэктуры й горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму.
Аб тым, што на месцы зьнесенага музэю плянуюць пабудаваць бізнэс-цэнтар, стала вядома напрыканцы сьнежня. Новы будынак разьмесьціцца паміж Палацам прафсаюзаў і сядзібай сотавага апэратара Velcom.
Стары будынак Музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы Менску пачалі дэмантаваць восеньню 2014 году. Першапачаткова на яго месцы зьбіраліся пабудаваць шматпавярховы гатэль, але затым кіраўніцтва горада заявіла, што замест музэю будзе разьбіты сквер. Дата пачатку будаўніцтва шматфункцыянальнага бізнэс-цэнтру на месцы музэя вайны пакуль не называецца.
Svaboda.org/ап