Logo Polskiego Radia
Print

Сьледчыя выставілі абвінавачваньне Андрэю Бяляўскаму, які захоўваў патрон

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.12.2017 17:11
Максымальнае пакараньне, якое пагражае па гэтым артыкуле, – да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Андрэю Бяляўскаму, на якога пачалі крымінальную справу за захоўваньне патрона, выставілі афіцыйнае абвінавачаньне. Яго вінавацяць па частцы 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу (Незаконныя выраб, набыцьцё, перадача ў валоданьне, збыт, захоўваньне, перавозка, перасылка або нашэньне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.). Пра гэта піша праваабарончы сайт «Вясна» са спасылкай на самога Бяляўскага пасьля допыту ў Сьледчым камітэце.

Максымальнае пакараньне, якое пагражае па гэтым артыкуле, – да сямі гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі.

Як паведамлялася раней, Андрэй Бяляўскі – былы фігурант «справы Белага легіёну», якую Сьледчы камітэт нядаўна закрыў за нязначнасьць парушэньня. Падчас ператрусу ў яго знайшлі адзіны патрон, які доўгі час захоўваўся ў шафе ў якасьці сувэніра.

Сам Бяляўскі падчас допыту перадаў сьледчаму хадайніцтва пра спыненьне крымінальнага перасьледу. Ён папрасіў прызнаць, што яго ўчынак не ўяўляе грамадзкай небясьпекі й зьяўляецца юрыдычна нязначным.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зьвяртае ўвагу на тое, што патрон быў знойдзены ў рамках «справы Белага легіёну», а дзеяньні абвінавачаных па гэтай справе былі прызнаныя юрыдычна нязначнымі. Таму лягічным, на яго думку, было б спыніць і сьледзтва супраць Бяляўскага.

эўрарадыё/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт