Украінскаму журналісту Паўлу Шаройку прад'явілі афіцыйнае абвінавачваньне
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
27.11.2017 15:19
У дачыненьні да яго распачатая справа па артыкуле «Шпіянаж» (арт. 358 КК РБ).
pixabay.com/Public Domain CC0
На брыфінгу 27 лістапада афіцыйны прадстаўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Дзьмітрый Пабяржын паведаміў, што затрыманаму 25 кастрычніка ўкраінцу Паўлу Шаройку прадʼяўленае афіцыйнае абвінавачваньне. У дачыненьні да яго распачатая справа па артыкуле «Шпіянаж» (арт. 358 КК РБ).
Паводле зьвестак КДБ, Павел Шаройка стварыў у Беларусі агентурную сетку, удзельнікі якой за грошы зьбіралі інфармацыю разьведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сфэры. Каардынацыяй яго дзейнасьці займаўся дарадчык амбасады Ўкраіны ў Беларусі Ігар Скварцоў, які на самай справе быў супрацоўнікам Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Мінабароны Украіны, як і сам Шаройка.
Раней паведамлялася, што Шаройка прызнаўся, што зьяўляецца супрацоўнікам кадравага апарату ваеннай разьведкі Ўкраіны й што працаваў у Беларусі пад прыкрыцьцём. Міністэрства абароны Ўкраіны абвяргае гэтую інфармацыю.
У сюжэце на тэлеканале «Беларусь 1» гаварылася, што падчас ператрусу ў кватэры ўкраінскага журналіста знайшлі псэўданімы як мінімум 16 агентаў. Прычым беларускія спэцслужбы мяркуюць, што людзей маглі выкарыстоўваць «наўгад», калі яны не здагадваліся, каму й навошта выдавалі зьвесткі.
тэлеграф/вс