Рассельгаснагляд прыгразіў забараніць пастаўкі сьвініны зь Беларусі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
14.11.2017 18:07
У беларускай прадукцыі інспэктары Рассельгаснагляду выкрылі недазволеныя рэчывы.
pixabay.com/Public Domain CC0
Рассельгаснагляд прыгразіў забараніць пастаўкі ўсёй сьвінагадоўчай прадукцыі зь Беларусі. Сёньня на сайце расейскага ведамства зьявілася інфармацыя, што Рассельгаснагляд вымушаны прыняць чарговыя меры ў дачыненьні да прадукцыі некалькіх беларускіх прадпрыемстваў
У прыватнасьці, Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе выявіла прадукцыю, якая паступіла на расейскі рынак зь Беларусі, якая не адпавядае нормам і патрабаваньням Расеі й Эўразійскага эканамічнага саюза.
Рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю ўводзіцца ў дачыненьні да прадукцыі СТАА «Верхні луг» (з-за рэшткаў лінкаміцына ў сухой малочнай сыроватцы) і ААТ «Белавежскі» (з-за рэшткаў антыбіётыкаў у ахалоджанай сьвініне).
У Рассельгаснаглядзе падкрэсьлілі, што пры паўторным выяўленьні небясьпечных рэчываў у беларускім мясе будуць уведзены дадатковыя ахоўныя меры. «У тым ліку ня выключаны часовыя абмежаваньні на ўвоз усёй сьвінагадоўчай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь», – прыгразілі ў ведамстве.
Таксама Рассельгаснагляд праінфармаваў кампэтэнтныя органы Беларусі аб парушэньні якаснага складу ў прадукцыі Глыбоцкага малочна-кансэрвавага камбіната (наяўнасьць стэрынаў у сьметанковым масьле) і ААТ «Брэсцкае марожанае» (наяўнасьць расьлінных тлушчаў у марожаным). Акрамя гэтага, з 14 лістапада ў Расеі ўводзіцца забарона на пастаўкі рыбы й морапрадуктаў ААТ «Белрыба».
тэлеграф/вс