Беларускае войска адмаўляецца ад шапкі-вушанкі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
04.11.2017 10:01
Замест шапкі-вушанкі ў зімовай баявой форме адзеньня салдаты будуць насіць вязаную шапку.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
У беларускім войску плянуюць дапрацаваць некаторыя элемэнты формы. Зьмены крануць амаль усё, што апранае салдат: ад шапкі да чаравікаў, піша „Беларуская вайсковая газета”.
Напрыклад, са жніўня 2017 году ў некалькіх часьцях салдатаў „на пробу” апранулі ў фуражкі з камуфляжнай бавоўны й летнія касьцюмы з новай тканіны, якую распрацавалі для войска летась. Яна менш важыць і павольней зношваецца й даўжэй трымае афарбоўку. „Інавацыйныя” касьцюмы носяцца без рамяня, навыпуск, у запраўку.
Са сьнежня 2017 году заплянаванае правядзеньне ў войсках пробнай эксплёатацыі новых зімовых куртак. Каўнер курткі выраблены стоечкай з флісу (без выкарыстаньня штучнага футра), а здымны уцяпляльнік-падсьцёжка зроблены як асобны прадмет з больш лёгкага матэрыялу.
У баявую форму адзеньня замест цяжкага скуранога рамяня плянуецца ўвесьці тэкстыльны рамень ахоўнага колеру. А замест шапкі-вушанкі ў зімовай баявой форме адзеньня салдаты будуць насіць вязаную шапку. Дадаткова могуць быць уведзеныя паўшарсьцяны джемпер аліўкавага колеру й юхтовыя чаравікі з высокімі берцамі.
Начальнік 1-га аддзела рэчавага ўпраўленьня Міністэрства абароны палкоўнік Сяргей Швед кажа, што 99% ад усяго ваеннага адзеньня й абутку для салдат выпускаецца на тэрыторыі нашай краіны. Форма пастаянна ўдасканальваецца.
euroradio.fm/аз