У Мінспорту распавялі колькі чакаюць мэдалёў ад Алімпіяды-2018
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
31.10.2017 14:50
Вядомыя памеры прызавых за мэдалі для беларускіх алімпійцаў у Пхэньяне.
pixabay.com
Кіраўніцтва беларускага спорту разьлічвае на мэдальныя посьпехі біятляністаў і фрыстайлістаў на зімовай Алімпіядзе ў Пхэньяне і абяцае такія ж прызавыя за ўзнагароды, як у Лондане-2012, Сочы-2014 і Рыа-2016.
Да старту XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхэньяне застаецца 100 дзён, і пра тое, як вядзецца падрыхтоўка да іх у Беларусі, на спэцыяльнай прэс-канфэрэнцыі распавялі шэф місіі алімпійскай каманды Аляксандр Барауля і яго намесьнік Васіль Юрчык.
- Плянуем адправіцца ў Паўднёвую Карэю 27 студзеня, – сказаў Юрчык.
- У нас 45 кандыдатаў у 6 відах спорту: біятлён, фрыстайл, канькабежны спорт, шорт-трэк, гарналыжны спорт і лыжныя гонкі, – дадаў Аляксандр Барауля.
У Барауля спыталі, ці ёсьць у Беларусі мэдальны плян на Пхеньян-2018 і які патэнцыял каманды. «Мы спадзяемся на біятляністаў і фрыстайлістаў, назіраем станоўчую дынаміку ў канькабежным спорце, маем шэраг вопытных спартсмэнаў у лыжных гонках», - адказаў ён.
Вядомыя памеры прызавых за ўзнагароды для беларускіх алімпійцаў: за залаты мэдаль заплацяць 150 тысяч даляраў, за сярэбраны – 75 тысяч, за бронзавы – 50 тысяч. Паралімпійцаў-прызёраў будзе чакаць больш сьціплае ўзнагароджаньне: 50, 30 і 20 тысяч даляраў у залежнасьці ад мэдаля.
Гульні ў Пхэньяне працягнуцца з 9 па 25 лютага 2018 года. У іх маюць намер прыняць удзел каля 2,5 тысячы спартсмэнаў з 90 краін.
tut.by/яс