Logo Polskiego Radia
Print

Да Мікалая Статкевіча не пускаюць адваката

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.09.2017 14:07
Жонка палітыка Марына Адамовіч накіравала скаргу на імя Генэральнага пракурора РБ.
facebook.com/profil Mariny Adamovich

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч накіравала скаргу на імя Генэральнага пракурора РБ з нагоды таго, што да яе мужа, які адбывае 15-суткавы арышт у ЦІП, ужо трэція суткі не пускаюць адваката.

Паводле Марыны Адамовіч, да Статкевіча не пускаюць адваката па розных надуманых прычынах. Напрыклад, 26 верасьня адвакату паведамілі, што ўсе пакоі для сустрэчы з арыштаванымі занятыя, няма магчымасьці іх вызваліць. Пры гэтым адвакат палітыка быў першым, хто зьявіўся раніцай на сустрэчу з арыштаваным. 27 верасьня супрацоўнікі ЦІП наўпрост сказалі адвакату, каб ён нават не спрабаваў трапіць, бо ўсё роўна не атрымаецца.

Таксама ў сваёй скарзе Марына Адамовіч адзначае, што права на абарону яе мужа было парушана і падчас судовага працэсу 26 верасьня, калі Статкевіча завочна судзілі за ўдзел у акцыі 8 верасьня і ў выніку далі яшчэ 5 сутак арышту. Паседжаньне адбывалася без яго ўдзелу, бо палітык не быў дастаўлены з ЦІП у суд і, адпаведна, не мог ажыцьцяўляць сваю абарону.

Дадзеныя факты сьведчаць аб грубым парушэнні права Мікалая Статкевіча на абарону. Марына Адамовіч лічыць, што адміністрацыя ЦІП робіць гэта наўмысна і таму просіць Генэральнага пракурора правесьці праверку па факце парушэньня законнасьці і права Статкевіча на абарону з боку службовых асобаў ЦІП і ў выпадку ўстанаўленьня такіх фактаў прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Нагадаем, Мікола Статкевіч быў затрыманы 22 верасьня пасьля паседжаньня Рады БНК і адпраўлены ў ЦІП на вул. Акрэсьціна адбываць 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 3 ліпеня.

spring96.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт