Мэдыцынскія сымулятары будуць вырабляць у Беларусі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
25.07.2017 17:12
Гэта чарговы крок ва ўкараненьні самых сучасных тэхналёгій у мэдыцынскую адукацыю.
pixabay.com/Public Domain CC0
Распрацоўку й вытворчасьць мэдыцынскага сымуляцыйнага абсталяваньня наладзяць у Беларусі. Стварэньне сумеснага беларуска-татарстанскага прадпрыемства прадугледжана пагадненьнем, якое 24 ліпеня падпісалі міністры аховы здароўя Беларусі й Татарстана (Расейская Федэрацыя) Валерый Малашка й Адэль Вафін, паведамляе карэспандэнт БелТА.
«Праект разьвіцьця вытворчасьці сымуляцыйнага абсталяваньня ўжо даўно абмяркоўваўся, – сказаў Валерый Малашка. – Мы прапанавалі Рэспубліцы Татарстан партнэра, які зарэкамэндаваў сябе ў вытворчасьці мэдыцынскай тэхнікі й добра валодае ўсімі мэтадамі й тэхналёгіямі, што выкарыстоўваюцца ў гэтай спэцыфічнай вытворчасьці. На мой погляд, гэты вопыт атрымае добры рэзультат».
Паводле слоў міністра, сымуляцыйнае абсталяваньне дае магчымасьць павысіць практыкаарыентаванасьць пры падрыхтоўцы ўрачоў, сярэдніх мэдыцынскіх работнікаў. Больш за тое, яно будзе карысна пры кантролі навыкаў і кампэтэнцый практыкуючых урачоў і мэдсясьцёр.
Сумесны беларуска-татарстанскі праект дасьць магчымасьць узьняць на якасна новы ўзровень прафэсійную падрыхтоўку й перападрыхтоўку ўрачоў як у Беларусі, так і Татарстане, адзначыў Адэль Вафін.
Гэта чарговы крок ва ўкараненьні самых сучасных тэхналёгій у мэдыцынскую адукацыю. Чакаецца, што першыя сымулятары вырабяць у 2018 годзе. Прадукцыя канкурэнтаздольная й будзе запатрабаваная ў тым ліку на эўрапейскім рынку. Рэспубліка Татарстан укараняе сучасныя падыходы да падрыхтоўкі ўрачоў, павышэньня іх кваліфікацыі з выкарыстаньнем сымулятараў па шэрагу найбольш актуальных напрамкаў: эндахірургіі, траўматалёгіі, артапэдыі й інш.
вс