Расейскі «Сбербанк» набыў недабудаваны «Кемпінскі» за $50 млн
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
06.07.2017 18:21
"Сбербанк" зьбіраецца дабудаваць шматфункцыянальны комплекс ля цырка.
Гатэль «Кемпінскі» ў Менскуфота: Эўрарадыё
Расейскі «Сбербанк» закрыў зьдзелку па набыцьці кампаніі «Эліт Эстэйт», якая зьяўляецца заказчыкам на будаўніцтва элітнага гатэля побач з цыркам у Менску, вядомага ў народзе як «Некемпінскі». Пра гэта са спасылкай на інфармаваныя крыніцы й прэс-службу беларускага «БПС-Сбербанка» піша TUT.BY.
«Зьдзелка зачыненая. Падпісаны цэлы шэраг дакумэнтаў па зьдзелцы. Праведзены разьлік з банкамі-крэдыторамі», – пракамэнтавалі сытуацыю ў прэс-службе «БПС-Сбербанка».
Па словах суразмоўцаў, зьдзелка стала магчымай дзякуючы прэфэрэнцыям для інвэстара, якія кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даў сваім указам №110. Згодна з дакумэнтам, «Сбербанк» стаў уладальнікам 100% «Эліт Эстэйт» за 1,99 рубля. Увогуле ж абышоўся расейскаму банку ў $50 млн. На гэтую суму «пацягнула» ўрэгуляваньне праблемнай запазычанасьці перад «БПС-Сбербанком», Белінвэстбанкам і «Банкам ВТБ» (Беларусь).
Згодна з палажэньнямі ўказа Лукашэнкі, запазычанасьць перад банкамі была ўрэгуляваная з дысконтам у 47%.
"Сбербанк" зьбіраецца дабудаваць шматфункцыянальны комплекс ля цырка. Узнавіць работы плянуецца ўжо да канца гэтага лета. Указ рэглямэнтуе заканчэньне будаўніцтва "Некемпінскі" да 31 сьнежня 2020 года.
эўрарадыё/вс