«Белавія» заказала ў Embraer яшчэ два новыя самалёты
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
20.06.2017 18:27
На дадзены момант паветраны флёт авіякампаніі «Белавія» налічвае 26 самалётаў.
На борце самалёта авіякампаніі "Белавія"www.belavia.by
Авіякампанія «Белавія» замовіла ў бразыльскага вытворцы самалётаў Embraer яшчэ два новыя лайнэры – Е-175 і Е-195. Падпісаньне кантракту адбылося ў Парыжы на міжнародным авіясалёне.
Кошт заказу склаў 99,1 млн даляраў. Новыя самалёты з заводу-вытворцы паступяць заказчыку ў траўні 2018 года. «Белавія» ўжо эксплюатуе чатыры самалёты гэтай маркі.
«Набыцьцё двух новых самалётаў зьяўляецца неад'емнай часткай ініцыятывы па абнаўленьні авіяпарку «Белавія». Пастаўка дадзеных авіялайнэраў дазволіць авіякампаніі пасьпяхова рэалізоўваць стратэгію па росту й эканамічнаму разьвіцьцю», - адзначылі ў прэс-службе «Белавія».
На думку генэральнага дырэктара «Белавія» Анатоля Гусарава, «пастаўка новых Embraer сямейства E-Jets дазволіць пазьбегнуць дадатковых выдаткаў на тэхнічнае забесьпячэньне й навучаньне пэрсаналу з-за адсутнасьці тэхнічных адрозьненьняў паміж новымі самалётамі й машынамі, якія ўжо эксплюатуюцца ў авіякампаніі».
Анатоль Гусараў адзначыў, што «існуючы флёт Embraer працуе з высокімі паказчыкамі пунктуальнасьці й эканамічнасьці, а нашы кліенты сапраўды карыстаюцца высокім узроўнем камфорту, які забясьпечвае дадзены тып самалёта. Embraer - гэта відавочны выбар для нашага далейшага росту».
На дадзены момант паветраны флёт авіякампаніі «Белавія» налічвае 26 самалётаў - пяць Boeing 737-800, шэсьць Boeing 737-500, сем Boeing 737-300, два Embraer-175, два Embraer-195, чатыры CRJ-100/ -200.
naviny.by/вс