Logo Polskiego Radia
Print

Амбасада Вялікабрытаніі падаравала Менску вайсковы мундзір

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 16.06.2017 15:31
«У гэтай уніформе, у гэтай касцы, змагаліся з нацыстамі ня толькі брытанцы, але ў тым ліку й беларусы»
www.istpravda.ru

Брытанскія афіцэры, якія служаць пры амбасадзе, урачыста перадалі Музэю Вялікай Айчыннай вайны арыгінальны мундзір і рыштунак шараговага 1-га батальёна Каралеўскіх ірляндзкіх фузілераў.

У гэтай жа ўніформе супраць нацыстаў змагаліся й беларускія жаўнеры з 2-га польскага корпусу пад камандаваньнем генэрала Ўладзіслава Андэрса. Маюцца на ўвазе былыя польскія грамадзяне, якія ў 1939-1941 гадах аказаліся ў савецкім ГУЛАГу, а потым, пасьля падпісаньня дамовы Сікорскі-Майскі, трапілі ў Армію Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічалі ў вызваленьні Італіі ад нацыстаў.

Пра гэтыя акалічнасьці брытанцам распавёў вядомы беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, які прынёс на ўрачыстасьць арыгінальныя здымкі беларускіх андэрсаўцаў, а таксама іх узнагароды й нашыўкі жаўнера 5-й Крэсавай дывізіі 2-га польскага корпусу. «У гэтай уніформе, у гэтай касцы, змагаліся з нацыстамі ня толькі брытанцы, але ў тым ліку й беларусы», – сказаў Мельнікаў.

Увечары 15 чэрвеня падчас урачыстага прыёму ў Менску з нагоды Дня нараджэньня Каралевы Вялікабрытаніі Елізаветы II, амбасадар Вялікабрытаніі Фіёна Гіб у сваёй прамове нагадала пра вялікую важнасьць захаваньня памяці пра подзьвіг жаўнераў зь Беларусі 2-га польскага корпусу і ўсіх беларускіх жаўнераў Польскіх узброеных сіл на Захадзе.

радыё рацыя/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт