Фігурантам «справы патрыётаў» прадоўжылі тэрміны зьняволеньня
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
30.05.2017 10:00
У сьледчым ізалятары яны прабудуць да канца верасьня.
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain/CC0
Фігурантам «справы патрыётаў», падоўжылі тэрмін знаходжаньня ў СІЗА да канца верасьня. Пра гэта журналістам Радыё «Свабода» напісаў адзін з затрыманых – мянчук Віктар Мароз, які знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
У сваім лісьце малады чалавек дзякуе за цёплыя словы і падтрымку. І сумуе, што лета давядзецца правесьці не з жонкай, сынам і бацькамі, а ў камэры ізалятару:
«Застаецца спадзявацца, што дыхаць я буду ўжо марозным паветрам, бо тэрмін майго зьняволеньня падоўжылі да канца верасьня, – піша фігурант справы «Белага легіёну». – Таксама, як і іншым хлопцам. Сачыце за разьвіцьцём падзеяў, будзе цікава, гэта я вам абяцаю».
Віктара Мароза абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 293, ч. 3 («падрыхтоўка да масавых беспарадкаў»), 287 («стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»).
Масавыя арышты былых сябраў даўно неіснуючай арганізацыі «Белы легіён», іх знаёмых, а таксама актывістаў «Маладога фронту» адбыліся ў той час, калі па ўсёй Беларусі праходзілі пратэсты супраць «дэкрэту аб дармаедах».
Усяго было арыштавана 35 чалавек. Цяпер у ізалятарах КДБ і МУС утрымліваюцца 16 фігурантаў справы. Афіцыйных заяваў пра «справу патрыётаў» сьледчыя органы не рабілі ад моманту арышту падазраваных. Праваабаронцы зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру з просьбай праверыць інфармацыю пра катаваньні затрыманых.
svaboda.org/ап