Дуэт NaviBand у фінале Эўрабачаньня заняў 17-е месца (ФОТА)
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jolanta  Śmiałowska
                        
                        14.05.2017 09:34
                    
                                 
                
                
                    Прафэсійныя журы краін Эўропы далі беларускаму гурту 50 балаў, а гледачы – толькі 33 балы.
                
                
                    
                        
NaviBand падчас фіналу Эўрабачаньня ў КіевеEPA/SERGEY DOLZHENKO
                     
                
                
                
               
                
                         Navi занялі 17-е месца з 26 у фінале Эўрабачаньня. Гэта адзін з самых удалых выступаў у гісторыі ўдзелу Беларусі ў конкурсе.
Прафэсійныя журы краін Эўропы далі беларускаму гурту 50 балаў, а гледачы – толькі 33 балы.
Navi выступалі пад трэцім нумарам з беларускамоўнай песьняй «Гісторыя майго жыцьця». Яны кажуць, што вынік галасаваньня іх не засмуціў. Navi таксама распавядаюць, што пацалавацца падчас нумара яны вырашылі ўсё за пару хвілін да выхаду.
 
 
Сам факт свайго выступу на «Эўрабачаньні» NaviBand лічаць важным для культуры, беларускай мовы і моладзі. Арцём спадзяецца, што яны змаглі абʼяднаць беларусаў.
«Мы хочам сказаць «дзякуй» нашай Беларусі за такую падтрымку, за такі флэшмоб. І Сяргей Міхалок сьпяваў нашу песьню і некалькі дзён таму нам тэлефанаваў Аляксандр Саладуха, што крыху нетыпова», – распавядае Арцём Лукʼяненка.
 
Пры гэтым у Navi няма плянаў выступіць на «Эўрабачаньні» яшчэ раз. Арцём кажа, што яны хочуць займацца творчасьцю і музыкай. Менавіта музыка, а не шоў, сёньня перамагла на конкурсе.
 
«Мы вельмі рады за Партугалію. Мы пасьпелі з ім паразмаўляць, ён вельмі шчыры чалавек і ён павінен быў быць першым. І мы вельмі хочам, каб у наступным годзе да гэтага конкурсу адносіліся больш лёгка», – кажуць Арцём і Ксенія, якія ўжо 3 чэрвеня выступяць каля Мінскай ратушы.
Найлепшым з беларусаў быў Дзьмітрый Калдун (6-е месца). 16-ыя месцы былі ў Алены Ланской і Тэа. А вось гурт «3+2» у свой час стаў 24-м.
nn.by/яс