Актывіст з Наваградку падае ў суд на міліцыянта, які сфабрыкаваў на яго справу
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
05.04.2017 10:08
Вадзім Лявон быў асуджаны на сем сутак арышту нібыта за зьбіваньне міліцыянта ў РАУС і ўцёкі з пастарунку.
pixabay.com/Public Domain CC0
Апазыцыйны актывіст з Наваградку Вадзім Лявон быў асуджаны на сем сутак арышту нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі. Цяпер ён рыхтуе дакумэнты ў суд на міліцыянта, які напісаў на яго заяву аб сваім зьбіваньні, і на сьведкаў, якія давалі паказаньні ў судзе супраць Лявона.
Яшчэ 22 сакавіка да яго ў вёску ў Наваградзкі раён прыехалі міліцыянты шукаць самагонку, як кожныя апошнія 5 гадоў напярэдадні палітычных мерапрыемстваў.
Падчас ператрусу міліцыянты не знайшлі самагонкі, а знайшлі цэлы архіў самых розных апазыцыйных выданьняў, буклетаў, газэтаў, іншай друкаванай законнай прадукцыі, якую ён зьбіраў зь 2006-га па 2016 год.
Міліцыянты склалі пратакол за распаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі і ў дзьве гадзіны ночы адпусьцілі.
23 сакавіка да Лявона на працу зноў прыехалі міліцыянты і сказалі, што ён павінен ехаць зь імі ў суд, паколькі на яго складзены пратакол за дробнае хуліганства.
– А ў судзе мяне зьдзівілі яшчэ больш, бо там абвінавацілі ў тым, што падчас майго знаходжаньня ў РАУС я пабіў міліцыянта, лаяўся там нецэнзурна і ўрэшце самавольна ўцёк з РАУСу ў дзьве гадзіны ночы. Мне далі 4 сутак за тое, што пабіў міліцыянта і ўцёк, і 3 сутак – за непавагу да суду, бо, маўляў, не зьявіўся на працэс, а недзе хаваўся.
Пасьля выхаду зь вязьніцы Лявон зьвярнуўся да юрыстаў «Вясны» і рыхтуе дакумэнты, каб падаць у суд на міліцыянта, які напісаў заяву на тое, што Лявон нібыта зьбіў яго ў пастарунку, а таксама на лжэсьведкаў, якія давалі паказаньні супраць яго ў судзе.
svaboda.org/яс