Самалёт з радыеактыўным грузам перавозіў абсталяваньне з армянскай АЭС
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
21.03.2017 12:51
Інфармацыю пацьвердзіла Міністэрства энэргетычных інфраструктур і прыродных рэсурсаў Армэніі.
pixabay.com/CC0 Public Domain
У армянскім самалёце, які транзытам сьледаваў праз Гомель, перавозілася абсталяваньне з атамнай электрастанцыі. Самалёт ляцеў з Армэніі ў Балгарыю, а потым у Харватыю. Пра гэта паведамляе „Арменпрэс” са спасылкай на Міністэрства энэргетычных інфраструктур і прыродных рэсурсаў Армэніі.
Падрадчык работ на Армянскай АЭС — харвацкая кампанія „Хрыд” у кастрычніку 2016 году імпартавала ў Армэнію абсталяваньне для работ па кантролі за эксплёатацыяй у рамках праграмы мадэрнізацыі. Пасьля завяршэньня работ абсталяваньне адправілі назад тым жа шляхам, што й прывезьлі. За перавозку адказвала беларуская авіякампанія JSC Aircompani Grodna, кажуць у армянскім міністэрстве.
Армянскі бок заяўляе, што авіяцыйным уладам Беларусі далі адпаведную інфармацыю й атрымалі ад іх дазвол на палёт. Працэс перавозкі абсталяваньня, як паведамляецца, адбываўся ў адпаведнасьці зь міжнароднымі патрабаваньнямі.
Раней у Армэніі адмаўлялі наяўнасьць радыеактыўных рэчываў на борце самалёта, які прыбыў з Ерэвана ў Гомель. Між тым, беларускі бок паведаміў, што груз на гэтым самалёце перавышаў радыяцыйны фон у 250 разоў.
euroradio.fm/аз