Мінінфармацыі вынесла папярэджаньне «Нашай Ніве»
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
21.03.2017 10:32
Атрыманьне двух і болей папярэджаньняў на працягу года пагражае закрыцьцём выданьня.
Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне сайту «Нашай Нівы» (nn.by) за «парушэньне патрабаваньняў артыкула 38 закона «Аб сродках масавай інфармацыі».
Атрыманьне двух і болей папярэджаньняў на працягу года пагражае закрыцьцём выданьня. Ліст за подпісам міністра Ліліі Ананіч, які атрымала «Наша Ніва», датаваны 14 сакавіка. У той жа самы дзень выпісанае папярэджаньне і парталу Tut.by.
У лісьце з Міністэрства інфармацыі прыводзяцца восем выказваньняў у камэнтарах да артыкулаў на сайце НН. У адпаведнасьці з патрабаваньнямі закона адміністратары сайту выдалілі дадзеныя камэнты.
Рэдакцыя «Нашай Нівы» напісала, які зьмест утрымлівалі дадзеныя камэнтары: рэзкія выказваньні на адрас уладаў; расклад меркаваных несанкцыянаваных акцый недармаедаў у рэгіёнах; рэзкія выказваньні на адрас выканаўцаў затрыманьняў, у прыватнасьці, затрыманьня Зьмітра Дашкевіча; рэзкая крытыка ўстаноўленага помніка гарадавому ў цэнтры Менска і падтрымка пэрформансу левых актывістаў супраць помніка.
Адміністратары сайту паведамілі, што ў сувязі з цяперашняй сытуацыяй на «Нашай Ніве» будзе дзейнічаць рэжым яшчэ больш пільнай мадэрацыі. Калі ў вэб-рэдактара хоць на сэкунду ўзьнікаюць сумневы, што рабіць з камэнтам – ён будзе адразу ж выдалены. «Выданьне ня мусіць стаць ахвярай чыёйсьці правакацыі», – чытаем на сайце «Нашай Нівы».
ав