Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь гатовая на супрацу з "Уралкаліем" пры захаваньні сваіх інтарэсаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.03.2017 13:15
„Мы ўжо наеліся гэтай сумеснай працы”, - нагадаў Аляксандар Лукашэнка.
Okras/Wikipedia/CC BY-SA 4.0

Беларусь гатовая супрацоўнічаць з кампаніяй „Уралкалій”", але інтарэсы краіны павінны быць захаваныя на 200%. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў 9 сакавіка, калі заслухоўваў даклад пра дзейнасьць Беларускай калійнай кампаніі, перадае яго прэс-служба.

У сустрэчы з кіраўніком дзяржавы ўдзельнічалі гендырэктар Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец, гендырэктар ААТ „Беларуськалій” Іван Галаваты й старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце й хіміі Ігар Ляшэнка.

Кіраўнік Беларусі паведаміў, што прадстаўнікі расейскай кампаніі ўжо не першы раз зьвяртаюцца да яго з просьбай аднавіць узаемадзеяньне з „Беларуськаліем”. Супраца паміж „Беларуськаліем” і „Уралкаліем” была скасаваная ў 2013 годзе. Скасаваньне супрацы суправаджалася гучным сканадалам, калі КДБ затрымаў гендырэктара кампаніі Ўладзіслава Баумгертнера, запрошанага ў Менск на перамовы кіраўніком урада Міхаілам Мясьніковічам.

Беларускі кіраўнік раней даручаў распрацаваць варыянты сумеснай працы „Беларуськалія” і „Уралкалія”. „Але там інтарэсы Беларусі павінны быць захаваныя ўжо на 200%, а не на 100%. Мы ўжо наеліся гэтай сумеснай працы, таму калі працаваць разам, то — з тэрыторыі Беларусі, сумленна й прынцыпова дамовіўшыся па ўсіх пытаньнях, і ў гэтым ключы дзейнічаць. Мы не пойдзем ні на якія саступкі, але да кампрамісаў гатовыя. Але гэтыя кампрамісы павінны быць узаемавыгаднымі”, — патлумачыў сваю пазыцыю Лукашэнка.

euroradio.fm/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт