FIDH запусьціла анлайн-кампанію за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
18.02.2017 14:04
Міжнародная фэдэрацыя па правах чалавека публікуе ў сацыяльных сетках відэа пад назвай «Тым часам у Беларусі».
Вэб-старонка кампаніі FIDH супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.Photo: Вэб-старонка кампаніі FIDH супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
У 2017 годзе Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая прымяняе сьмяротнае пакараньне. З мэтай асуджэньня і пашырэньня інфармацыі пра гэтыя суровыя рэаліі, FIDH публікуе ў сацыяльных сетках відэа пад назвай «Тым часам у Беларусі».
Скіраванае на шырокую аўдыторыю відэа было распрацавана і выраблена камунікацыйным агенцтвам Babel, якое выкарыстала добра вядомую для відэапрадукцыі канцэпцыю «Тым часам у..».. Многія відэа, апублікаваныя пад такой назвай у сацыяльных сетках, паказваюць абсурдныя паводзіны. «Тым часам у Беларусі» разьвівае ідэю, каб паказаць, што сьмяротнае пакараньне на сёньняшні дзень – самыя абсурдныя паводзіны ў Беларусі і вялікі фэйл для Эўропы.
На сайце кампаніі ёсьць і іншыя інфарматыўныя відэа і публікацыі, а таксама пазначаны кантакты эўрапейскіх лідараў, да якіх праваабаронцы прапануюць зьвярнуцца з заклікам прыняць меры.
«Сьмяротнае пакараньне – гэта ўзаконенае забойства, якое не аднаўляе справядлівасьць. Яно дапамагае эскаляцыі жорсткасьці ў грамадзтве і не аказвае ніякага ўплыву на ўзровень злачыннасьці», – кажа прэзыдэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.
Відэа заклікае карыстальнікаў інтэрнэту дзейнічаць на карысьць адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі: наведаць вэб-сайт «Беларусь: апошняя краіна ў Эўропе, якая прымяняе сьмяротнае пакараньне» і падпісаць пэтыцыю ад сяброўскай арганізацыі FIDH у Беларусі – Праваабарончага цэнтра «Вясна».
Рэліз відэа зьяўляецца часткай больш шырокай кампаніі FIDH, якая пачалася ў кастрычніку мінулага года з публікацыі дакладу «Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі: Забойства на (не)законных падставах». У 2017 годзе FIDH будзе працягваць мабілізацыю міжнароднай супольнасьці з мэтай пакласьці канец сьмяротнаму пакараньню ў Беларусі.
Вясна/ав