Logo Polskiego Radia
Print

Бацька Андрэя Бандарэнкі зьвярнуўся да Лукашэнкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.02.2017 12:59
Валеры Бандарэнка сказаў журналістам, што зьвярнуцца да прэзыдэнта яго вымусіў фізычны стан сына.
Michael Coghlan/.com

Бацька зьняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі 16 лютага зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць распачатую супраць сына новую крымінальную справу „за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы”, а таксама правесьці абʼектыўную праверку дысцыплінарных спагнаньняў, накладзеных на вязьня.

Бандарэнка-старэйшы сказаў журналістам, што зьвярнуцца да прэзыдэнта яго вымусіў фізычны стан Андрэя. Ён сказаў, што, паводле апошніх фатаздымкаў, апублікаваных у СМІ, „ён знаходзіцца ў жудасным стане”.

У лісьце на імя Лукашэнкі Валеры Бандарэнка назваў сфабрыкаванай заведзеную на сына новую крымінальную справу.

Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі „Плятформа Інавэйшн”, якая займалася маніторынгам месцаў зьняволеньня. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве й асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнаньняў у розных месцах пазбаўленьня волі, дзе ён адбываў тэрмін. З гэтай прычыны былы кіраўнік „Плятформы Інавэйшн” прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні тэрмін зьняволеньня Андрэя Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 году.

9 лютага ў судзе Ленінскага раёну Магілёва прайшло папярэдняе пасяджэньне па крымінальнай справе Андрэя Бандарэнкі, які абвінавачваецца ў парушэньні арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў. Суд пастанавіў накіраваць справу на дапрацоўку пракурору Магілёва. Судзьдзя Ірына Ланчава ўгледзела ў расьсьледаваньні справы парушэньне працэсуальнага парадку прызначэньня адказнага за сьледзтва.

svaboda.org/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт