Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы 11 лютага змогуць убачыць напаўценявое зацьменьне Месяца

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.02.2017 15:17
Гэтую зьяву можна будзе назіраць з Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі, з усёй Эўропы й Расеі.
Photo: pixabay.com

Жыхары Беларусі змогуць раніцай 11 лютага назіраць чарговае напаўценявое зацьменьне Месяца.

Знаходзячыся ў фазе поўні, Месяц перасячэ зямны паўцень. Гэтую зьяву можна будзе назіраць зь любой часткі рэспублікі, а таксама з Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі, з усёй Эўропы і большай часткі Расеі (за выключэньнем Далёкага Ўсходу).

Варта адзначыць, што гэта напаўценявое зацьменьне Месяца вельмі падобна на папярэдняе напаўценявое такое зацьменьне, што назіралася з тэрыторыі Беларусі 16 верасьня 2016 году. Тады Месяц паглыбіўся ў зямны паўцень на 90 працэнтаў.

Само па сабе напаўценявое зацьменьне Месяца 11 лютага будзе нязначным, паколькі Месяц не перамесьціцца непасрэдна ў зямны цень, а толькі пройдзе практычна цалкам цераз зямны паўцень, крыху зацяніўшы адзін са сваіх краёў. Максымальны працэнт пераходу Месяца ў зямны паўцень складзе 98 працэнтаў, таму пацямненьне паўночнага края Месяца будзе добра відаць у момант надыходу максымуму напаўценявога зацьменьня. Агульная працягласьць напаўценявога зацьменьня 11 лютага ад моманту ўваходжаньня Месяца ў паўцень Зямлі й выхаду Месяца з паўценю будзе складаць 4 гадзіны 19 мінут.

astrobel.ru/belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт