Logo Polskiego Radia
Print

У Горадні зацьвердзілі шыльды зь гістарычнымі назвамі вуліц

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 19.01.2017 13:33
Плянуецца, што новыя шыльды зьявяцца на 16 гарадзенскіх вуліцах на пачатку вясны.
Езуіцкі сабор у ГорадніЕзуіцкі сабор у Горадніwikimedia commons/Jurasikt/CC BY 3.0

Шыльды зь гістарычнымі назвамі па-беларуску маюць зьявіцца на 16 вуліцах старой Горадні. Такое рашэньне прыняла тапанімічная камісія Гарадзенскага гарвыканкаму.

Сьпіс гістарычных назваў вуліц складаў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. Паводле яго, увесь сьпіс складаўся з 43 вуліц, але камісія вырашыла на першым этапе ўсталяваць шыльды толькі на 16 вуліцах.

„Ніякіх заўваг на маю працу складаньня сьпісу назваў вуліц з боку сяброў камісіі не было, праўда, папрасілі ня ўносіць у сьпіс назвы пэрыяду Другой усясьветнай вайны, калі вуліцы атрымалі нямецкія найменьні. Іх на шыльдах ня будзе”, — сказаў Андрэй Вашкевіч.

Далей над праектам па ўсталяваньні новых шыльдаў з назвамі вуліц будуць працаваць дызайнэры. Плянуецца, што новыя шыльды зьявяцца на 16 гарадзенскіх вуліцах на пачатку вясны.

З прапановай устанавіць назвы (гэта значыць дапісаць на шыльдзе найменьні вуліц, якія былі раней, а не зьмяняць цяперашнія) у Гарадзенскі гарвыканкам зьвярнулася рэдакцыя мясцовага сайту hrodna.life. Празь інтэрнэт, паводле рэдактара Аляксея Шоты, яны сабралі блізу тысячы подпісаў і накіравалі іх гарадзенскім уладам. Улады ініцыятыву падтрымалі.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт