У Менску пройдзе фэстываль дакумэнтальнага кіно пра правы чалавека
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
14.12.2016 13:41
Фэстываль Watch DOCs Belarus пройдзе ў беларускай сталіцы з 15 па 18 сьнежня.
Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно пра правы чалавека Watch DOCs Belarus пройдзе ў Менску з 15 па 18 сьнежня. Фэстываль праходзіць у Польшчы ўжо на працягу 15 гадоў, у Менск ён прыяжджае ў другі раз. Падчас мерапрыемства будуць паказаныя дакумэнтальныя фільмы, у якіх закранаецца тэма правоў чалавека, а таксама адбудуцца дыскусіі па актуальных для нашага часу пытаньнях.
Тры асноўныя тэмы фэстывалю Watch DOCs Belarus 2016 гэта: Моладзь: барацьба за жыцьцё і годнасьць; Усход і Захад: сутыкненьне культур ці палітычныя гульні; Людзі, якія мяняюць сьвет.
Акрамя паказаў фільмаў у рамках фэстывалю будуць праходзіць таксама іншыя мерапрыемствы. Дыскусія «Як «зьлівы» зьмяняюць грамадзтва» пройдзе з удзелам журналістак Холі Ўэт (The Guardian) і Ганны Бабінец (Слідство.Інфо), якія працавалі над «Панамскім архівам».
16 сьнежня чакаюцца дэбаты па сытуацыі з уцекачамі ў Беларусі. 17 сьнежня ў Галерэі TUT.BY пройдзе дыскусія «Праваабаронца: лад жыцьця і лад дзеяньняў», прысьвечаная людзям, якія прафэсійна займаюцца абаронай правоў чалавека.
У суботу пройдзе таксама сустрэча з рэжысёрам Аленай Хоравай і апэратарам Андрэем Кісялёвым, аўтарамі фільма «Кіеў-Масква», у якім у незвычайным ракурсе паказанае жыцьцё двух гарадоў на працягу двух апошніх гадоў. Таксама ў суботу – кінаноч у прасторы ЦЭХ.
Уваход на мерапрыемствы вольны.
Вясна/ав