Logo Polskiego Radia
Print

Забаронены ўвоз птушкі з Любускага ваяводзтва Польшчы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.12.2016 17:38
Забарона ўведзена ў сувязі з выпадкамі захворваньня птушак на высокапатагенны грып.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларусь забараніла ўвоз у рэспубліку птушкі з Любускага ваяводзтва Польшчы з-за зарэгістраваных там выпадкаў захворваньня птушак на высокапатагенны грып.

«Паводле інфармацыі Міжнароднага эпізаатычнага бюро, на тэрыторыі Любускага ваяводзтва Польшчы зарэгістраваны выпадкі захворваньня птушак на высокапатагенны грып», – гаворыцца ў паведамленьні дэпартамэнта вэтэрынарнага й харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі.

У сувязі з гэтым дэпартамэнт увёў з 3 сьнежня часовыя абмежаваньні на ўвоз у рэспубліку з названага рэгіёну жывой птушкі, у тым ліку падатлівых заапаркавых і цыркавых жывёл, інкубацыйнага яйка, пуху й пяра, мяса птушкі і ўсіх відаў птушкагадоўчай прадукцыі, кармоў і кармавых дабавак з птушкі, паляўнічых трафеяў, а таксама былога ва ўжываньні абсталяваньня для ўтрыманьня, забою й разьдзелкі птушкі.

У бягучым годзе Беларусь увяла забарону на ўвоз птушкі з шэрагу рэгіёнаў Аўстрыі, Румыніі, Украіны, Францыі, Польшчы, Вугоршчыны, Даніі, Харватыі, Швэйцарыі й Нідэрляндаў з-за зарэгістраваных там выпадкаў захворваньня птушак на высокапатагенны грып.

Раней міністар сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі Леанід Заяц заявіў, што рэспубліка прымае ўсе неабходныя меры для недапушчэньня заносу птушынага грыпу ў краіну. «Першая й асноўная мера – гэта, вядома, абмежаваньне ўвозу ў Беларусь прадукцыі з рэгіёнаў, дзе былі зафіксаваныя ўспышкі такіх захворваньняў», – адзначаў міністар.

Інтэрфакс/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт