Logo Polskiego Radia
Print

Зьбіраюцца подпісы за ўсталяваньне помніка героям Слуцкага збройнага чыну

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.11.2016 16:32
Збор подпісаў за ўсталяваньне помніка ў Слуцку пачнецца 26 лістапада на акцыі да гадавіны паўстаньня.
wikimedia commons/public domain

26 лістапада будзе распачаты збор подпісаў за ўсталяваньне ў Слуцку помніка героям Слуцкага збройнага чыну. Ініцыятарам выступіла сябра Рады Руху «За Свабоду» Аліна Нагорная.

Яна адзначыла, што збор подпісаў распачнецца ў суботу на акцыі да гадавіны паўстаньня, і будзе доўжыцца па ўсёй Беларусі некалькі месяцаў. Пасьля гэтага подпісы будуць перададзеныя ў райвыканкам.

Нагорная прапануе далучыцца да акцыі ўсім ахвотным: трэба раздрукаваць падпісны ліст і сабраць подпісы ў неабыякавых грамадзянаў. Яна просіць запоўненыя паперы перапраўляць ёй, каб перадаць усе подпісы адначасова.

«У лістападзе й сьнежні 1920 года Слуцкія паўстанцы змагаліся за ўсталяваньне і прызнаньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы, беларускія грамадзяне, патрабуем усталяваць у Слуцку помнік нацыянальным героям, абаронцам незалежнасьці Беларусі», – адзначаюць аўтары ініцыятывы.

Яны прапануюць усталяваць помнік па адрасе вул. Леніна 171, насупраць Слуцкага краязнаўчага музэю. Назва помніка павінная быць: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Нагадаем, што ў гэтым годзе акцыя да Слуцкага збройнага чыну пройдзе 26 лістапада. Яна дазволеная ўладамі.

Прэс-служба Руху "За свабоду"/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт