У Менску й Магілёве прайшлі сэмінары па аўтарскаму праву
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
16.11.2016 13:24
Сустрэчы па аўтарскіх правах працягнуцца ў бліжэйшы час у іншых рэгіёнах Беларусі.
фота: Яраслаў Іванюк і Наталля Герасімюк/lit-bel.org
У Менску й Магілёве 12-13 лістапада ў межах дзейнасьці Саюза беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org прайшлі сэмінары, прысьвечаныя аўтарскаму праву. Пра тэорыю й практыку абароны аўтарскага права ў Беларусі распавяла юрыстка Вольга Сямашка. Сэмінары былі арыентаваныя на пісьменьнікаў, перакладчыкаў, журналістаў і ўсіх, хто так ці інакш сутыкаецца з пытаньнямі аўтарскага права.
Каардынатар праекта Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк лічыць, што варта правесьці цыкл такіх сэмінараў, каб прасунуць тэму аўтарскага права сярод людзей, зацікаўленых у гэтым пытаньні.
Лектарка, юрыстка Вольга Сямашка зрабіла кароткія ўводзіны ў гісторыю ўзьнікненьня аўтарскага права, параўнала беларускае й эўрапейскае заканадаўства ў дадзенай сфэры, прывяла прыклады беларускіх судовых справаў, распавяла пра практыку абароны аўтарскага права, таксама і ў інтэрнэце.
У другой частцы сэмінара адбыўся майстар-кляс, падчас якога ўдзельнікі спрабавалі скласьці дамову паміж пісьменьнікам і выдавецтвам, якая максымальна абароніць аўтарскія правы. Па выніках аўтары ўпэўніліся – падчас заключэньня дамовы ўсё цалкам у іх руках: дакумэнт сапраўды ахоўвае аўтарскае права, калі ў ім дакладна прапісаныя ўсе ўмовы й пажаданьні, увага зьвяртаецца на кожны з пунктаў.
Калі ж пісьмовая дамова паміж аўтарам і выдавецтвам не падпісваецца, па беларускім заканадаўстве ўсе аўтарскія правы належаць аўтару, бо па факце перадачы правоў не адбываецца.
Сустрэчы па аўтарскіх правах працягнуцца ў бліжэйшы час у іншых рэгіёнах Беларусі. На сайце Саюза беларускіх пісьменьнікаў ёсьць адпаведны разьдзел Аўтару аб праве, у якім можна знайсьці адказы на пытаньні, датычныя дзеяньня аўтарскага права ў Беларусі.
lit-bel.org/ав