Logo Polskiego Radia
Print

У Маладзечне супрацоўнікам прапанавалі малако ў залік заробку

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 21.10.2016 16:02
«Летам у калгасе два месяцы не выдавалі заробак, а потым выдалі курамі (жывымі) і тушонкай»
pixabay.com/Public Domain CC0

У Маладзечне на адным з прадпрыемстваў супрацоўнікам прапанавалі малако ў залік заробку. Пра гэта паведамілі карыстальнікі сацыяльнай сеткі Вконтакте ў групе «Молодечно Live». Яны зьмясцілі фотаздымак абвесткі, у якой адміністрацыя прадпрыемства прапануе работнікам такую незвычайную форму аплаты іх працы:

«У сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам і адсутнасьцю грашовых сродкаў на выплату заробкаў просьба ўсім работнікам да 19.10.2016 запісацца ў дысьпетчарскай на атрыманьне прадукцыі гармалзавода ў залік заробку за верасень 2016 года», гаворыцца ў абвестцы.

Як высьветлілася, гаворка ідзе пра адно з транспартных прадпрыемстваў Маладзечна. Аказалася, што малочны завод вінаваты грошы транспартнікам і цяпер разьлічваецца зь імі сваёй прадукцыяй. А транспартнікі ў сваю чаргу прапануюць сваім работнікам малочныя прадукты ў залік заробку. Карыстальнікі Вконтакте, камэнтуючы навіну пра натураплату, прыгадваюць іншыя падобныя выпадкі: «Летам у калгасе два месяцы не выдавалі заробак, а потым выдалі курамі (жывымі) і тушонкай».

рацыя/эўрарадыё/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт