Кожны год у Беларусі ўсынаўляюць каля 600 дзяцей
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
13.10.2016 13:54
У базе партала Dadomu.by зараз налічваецца 4022 хлопчыкі й дзяўчынкі, якія маюць патрэбу ў сям'і.
pixabay.com/Public Domain CC0
Сёлета беларускія сем'і ўжо ўсынавілі 425 дзяцей. Гэта на 9 больш, чым летась, распавяла дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўленьня Міністэрства адукацыі Натальля Пасьпелава.
Паводле яе словаў, беларусы апошнім часам маюць вялікую цікавасьць да ўсынаўленьня. Штогод усынаўляюць каля 600 дзяцей. Што тычыцца міжнароднага ўсынаўленьня, дык са студзеня па верасень 2016 года 19 беларускіх дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, былі перададзеныя ў італьянскія сем'і.
"Да канца года гэтая лічба павялічыцца ўдвая", — сказала Пасьпелава.
Таксама дырэктар цэнтра па ўсынаўленьні распавяла, што ў электроннай базе інфармацыйнага партала Dadomu.by зараз налічваецца 4022 хлопчыкі й дзяўчынкі, якія маюць патрэбу ў сям'і. Большасьць зь іх пражываюць у інтэрнатах. Аднак ёсьць і дзеці, якія выхоўваюцца прафэсійнымі бацькамі ў часовых сем'ях.
эўрарадыё/вс