Logo Polskiego Radia
Print

Пяскоў: Рознагалосьсі па цане на газ пераадольныя

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.10.2016 14:11
Чарговы раунд перамоў па нафтагазавай тэматыцы пачаўся ў Маскве 6 кастрычніка.
pixabay.com/Public Domain CC0

Рана ці позна рознагалосьсі Расеі й Беларусі ў нафтагазавай сфэры будуць пераадолены, заявіў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў.

„Мы дзьве саюзныя дзяржавы — Расея й Беларусь — і таму нават на фоне абсалютна непазьбежных часам камэрцыйных рознагалосьсяў кантакты не перарываюцца, кантакты абсалютна ўсёабдымныя, яны носяць пастаянны характар”, - сказаў Пяскоў.

Прадстаўнік Крамля пры гэтым дадаў, што пакуль цяжка прадказаць, якім менавіта чынам вырашыцца сытуацыя.

Беларусь з пачатку гэтага году вядзе перамовы з Расеяй аб зьніжэньні цэн на газ. Пры гэтым зь ліпеня Расея больш чым на траціну скараціла пастаўкі нафты, рэагуючы на існуючую, з пункту гледжаньня расейскага боку, недаплату за пастаўлены прыродны газ.

12 верасьня Аляксандр Лукашэнка даручыў віцэ-прэм'еру Ўладзіміру Сямашку на працягу двух дзён канчаткова дамовіцца з расейскім бокам па пастаўках энэрганосьбітаў, аднак да гэтага часу да посьпеху перамовы не прывялі. Са спасылкай на віцэ-прэм’ера ўрада РФ Аркадзя Дварковіча таксама паведамлялася, што скідка на газ падчас двухбаковых перамоў не абмяркоўваецца.

Чарговы раунд перамоў па нафтагазавай тэматыцы пачаўся ў Маскве 6 кастрычніка. Беларускі бок на ім прадстаўляе міністар энэргетыкі Ўладзімір Патупчык.

tass.ru/belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт