У Менску плянуюць правесьці апошнюю ў гэтым годзе «Крытычную масу»
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
30.09.2016 10:31
Пасьля масавага затрыманьня раварыстаў «Крытычнай масы» ў красавіку цікаўнасьць да мерапрыемства зьнізілася.
Foto: pixabay.com/CC0
У Менску сёньня плянуюць зладзіць апошнюю ў гэтым годзе акцыю «Крытычная маса» – велазаезд зь вялікай колькасьцю ўдзельнікаў. Яе мэта – зьвярнуць увагу на праблемы супольнасьці раварыстаў, прадэманстраваць сваё права быць раўназначнымі ўдзельнікамі дарожнага руху, быць пачутымі й заўважанымі ў патоку аўтамабіляў на праезных частках гарадоў.
Пасьля масавага затрыманьня раварыстаў «Крытычнай масы» сёлета 29 красавіка цікаўнасьць да мерапрыемства зьнізілася як у саміх пастаянных удзельнікаў, так і ў грамадзкасьці ў цэлым. Прычынай гэтага можна лічыць рэальную пагрозу зьняволеньня за мірную акцыю. У красавіку 2016 года супрацоўнікі АМАПа і ДАІ прымянілі сілавыя дзеяньні да ўдзельнікаў заезду.
З таго самага моманту за кратамі знаходзіцца адзін з раварыстаў – Дзьмітры Паліенка. Хлопца вінавацяць у насільлі або пагрозе насільля да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Максімальнае пакаранне за гэта – шэсьць гадоў пазбаўленьня свабоды. Акрамя таго, Паліенка паведаміў праваабаронцам, што дадаткова яму высунулі абвінавачаньні ў вырабе й распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. Гэты артыкул пагражае пазбаўленьнем свабоды ад двух да чатырох гадоў. Суд над ім пачнецца 11 кастрычніка.
Апроч таго, за парушэньне правілаў дарожнага руху пяці ўдзельнікам акцыі былі прызначаныя штрафы.
паводле greenbelarus.info/эўрарадыё/вс