У Мірскім замку зьявіліся новыя партрэты князёў Радзівілаў
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
28.09.2016 15:53
Музэй набыў іх у князя Канстанціна Гогенлоэ-Шылінгсьфюрста, які жыве ў Нямеччыне.
Мірскі замакpixabay.com/Public Domain CC0
Музэй «Замкавы комплекс «Мір» заключыў сэнсацыйную зьдзелку па набыцьці калекцыі партрэтаў князёў Радзівілаў.
Пра гэта паведаміла БелТА спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю музэя Анаіт Арзуманян.
Яна сказала, што Партрэтная заля Мірскага замка цяпер упрыгожаная арыгінальнымі партрэтамі. Музэй набыў іх у князя Канстанціна Гогенлоэ-Шылінгсьфюрста, які жыве ў Нямеччыне.
Упершыню гэтую калекцыю беларусы ўбачылі ў траўні 2014 году на выставе. 17 месяцаў адміністрацыя музэя вяла перамовы з уласьнікам партрэтаў князем Канстанцінам. Урэшце Міністэрства культуры Нямеччыны дазволіла перамяшчэньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
Паводле Анаіт Арзуманян, калекцыя налічвае 15 партрэтаў XIX стагодзьдзя і тры — XVIII стагодзьдзя. Сярод 18 жывапісных працаў ёсьць два роставыя партрэты, на якіх намаляваны князь Міхаіл Казімір Рыбанька і Ганна Людвіка — яго другая жонка.
У Партрэтнай залі прадстаўленая толькі частка калекцыі — 12 карцін. Астатнія ў запасьніках. Некаторыя партрэты маюць патрэбу ў рэстаўрацыі.
svaboda.org/яс