За акопы ў лесе Дашкевіч павінен заплаціць 220 руб.
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
12.09.2016 17:38
На такую суму, на думку лесьнікоў, была нанесена шкода прыродзе падчас пэрформанса з капаньнем акопаў.
Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Работнікі Веткаўскага лясгаса прапанавалі лідару «Маладога фронту» Зьміцеру Дашкевічу добраахвотна пакрыць 220 рублёў 50 капеек. Менавіта на такую суму, на іх думку, была нанесена шкода прыродзе падчас іх пэрформанса з капаньнем акопаў у 25 кілямэтрах ад мяжы з Расеяй.
Зьміцер Дашкевіч апублікаваў у Facebook ліст, які днямі атрымаў ад Веткаўскага спэцлясхоза. У ім паведамляецца, што падчас правядзеньня «рэйдавых мерапрыемстваў» у квартале № 609 «без належнага на тое дазволу (ордэра, лесасечнага білета, ляснога білета» ў 12.40 зьдзейсьнена незаконнае зьняцьце ўрадлівага пласта глебы на землях дзяржлясфонду» на плошчы 3,5 квадратнага мэтра «ў першай групе лясоў».
Такім чынам, паведамляе лясгас, палітык парушыў артыкул 43 Ляснога кодэкса. Памер шкоды навакольнаму асяродзьдзю ацанілі ў 220 рублёў 50 капеек.
Дашкевічу прапанавалі добраахвотна пакрыць прычыненую шкоду да 7 лістапада.
Нагадаем, днём 6 верасьня ў лесе каля вёскі Рудня-Споніцкая ў Веткаўскім раёне два актывісты «Маладога фронту» рылі акопы. На месца выехала больш за дзесятак прадстаўнікоў розных службаў – лясгаса, ДАІ, міліцыі, Сьледчага камітэта і, як мяркуецца, КДБ. Апазыцыянэры растлумачылі, што капаньне акопаў было іх пэрформансам з нагоды 19-годзьдзя «Маладога фронту».
«Недалёка адсюль з боку расейскай мяжы зьбіраецца ваенная база ў Клінцах для агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны і, магчыма, Беларусі. Так мы дэманструем Расеі, што тут ёсьць людзі, якія будуць супрацьстаяць у выпадку ваеннага ўварваньня», – тлумачыў Зьміцер Дашкевіч.
tut.by/ав