Адкрыўся новы комплекс беларускага пасольства ў Кіеве
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
26.08.2016 13:33
Жылы комплекс беларускага пасольства ва Ўкраіне і рэзыдэнцыю пасла Беларусі ўрачыста адкрыў кіраўнік МЗС Уладзімер Макей.
Flickr/andrey.mindryukov
“Паміж Украінай і Беларусьсю няма ніякіх нявырашаных праблем, двум дзяржавам заўсёды ўдавалася знайсьці ўзаемныя рашэньні ў любых складаных пытаньнях, якія ўзьнікалі”, - заявіў Макей у Кіеве, паведамляе ўкраінскае агенцтва УНН.
"Таму сёньня мы можам сьмела казаць пра сталае партнёрства, якое існуе ў адносінах паміж нашымі брацкімі дзяржавамі", — падкрэсьліў Макей. Немалая заслуга ў гэтым дыпляматычных місій у Кіеве і Менску, дадаў ён.
Як паведамлялася раней, беларускаму боку быў выдзелены ўчастак у Саломенскім раёне Кіева плошчай 0,25 га. Ён прызначаўся пад будаўніцтва комплексу будынкаў, уключаючы рэзыдэнцыю пасла, жылы дом для дыпляматаў і супрацоўнікаў дыпмісіі, падземны паркінг, гасьцявую аўтастаянку і пляцоўкі для адпачынку.
Увядзеньне ў эксплуатацыю будынкаў пасольства адпавядае стратэгіі разьвіцьця сеткі беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжой, а наяўнасьць такой уласнасьці за мяжой дазволіць зэканоміць на арэндзе жыльля, а таксама забясьпечыць высокі ўзровень бясьпекі беларускіх дыпляматаў і членаў іх сем'яў, адзначыў МЗС.
belapan.com/яс