Нацбанк зьніжае стаўку рэфінансаваньня да 18% гадавых
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
04.08.2016 13:24
Гэта другое за лета зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня ў Беларусі.
Photo: pixabay.com
Стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі 17 жніўня зьніжаецца з 20% да 18% гадавых, а стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых апэрацыях Нацыянальнага банка па падтрымцы бягучай ліквіднасьці банкаў — з 25% да 23% гадавых. Такія рашэньні прынятыя праўленьнем і камітэтам па манэтарнай палітыцы Нацбанка 3 жніўня, „зыходзячы з аналізу дынамікі інфляцыйных працэсаў, стану плацежнага балянсу й яго бягучага рахунку, сытуацыі на валютным і фінансавым рынках рэспублікі”, паведамляе прэс-служба рэгулятара.
Як адзначылі ў прэс-службе, у чэрвені 2016 году інфляцыя запаволілася да 12,1% у гадавым выражэньні. Пры гэтым сярэднямесячны прырост спажывецкіх цэн у другім квартале 2016 году склаў 0,5% (у аналягічным пэрыядзе 2015 году — 0,8%).
„Падобную да гэтай тэндэнцыю паказвае таксама трэндавая інфляцыя, паказчык якой зьнізіўся ў чэрвені 2016 году ў дачыненьні да чэрвеня 2015 году да 10,3%”, — адзначылі ў Нацбанку.
Нагадаем, гэта другое за лета зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня ў Беларусі: 1 ліпеня яна была зьніжана з 22% да 20%.
belapan.com/аз