Мінэнэрга пацьвердзіла няштатную сытуацыю на будаўніцтве БелАЭС
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
27.07.2016 12:55
Адпаведныя рашэньні будуць прымацца пасьля вывучэньня інцыдэнту беларускімі спэцыялістамі.
pixabay.com/CC0 Public Domain
Міністэрства энэргетыкі Беларусі 26 ліпеня пацьвердзіла інфармацыю аб няштатнай сытуацыі на Беларускай АЭС.
Нагадаем, 25 ліпеня ў СМІ зьявіліся паведамленьні, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнай трэніровачнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў. Паведамлялася таксама, што месца надзвычайнага здарэньня ачэпленае й знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай.
„На справе, згодна з інфармацыяй генэральнага падрадчыка АТ „Атамстройэкспарт” (АТ "АСЭ"), няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захоўваньня корпуса рэактара пры правядзеньні такеляжных работ па яго перамяшчэньні ў гарызантальнай плоскасьці”, - гаворыцца ў паведамленьні Мінэнэрга.
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства „Беларуская АЭС”, якое зьяўляецца замоўцам праекта, „неадкладна запатрабавала ў генэральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакумэнты й зьвесткі. Зараз аналіз гэтай сытуацыі працягваецца”, адзначаецца ў камэнтары.
„Пасьля ўсебаковага вывучэньня беларускімі спэцыялістамі пададзенай АТ „Атамстройэкспарт” інфармацыі будзе прымацца адпаведнае рашэньне. Пры гэтым беларускі бок будзе найперш кіравацца неабходнасьцю безумоўнай арганізацыі бясьпекі станцыі, якая будуецца”, — запэўнілі ў Мінэнэрга.
Варта адзначыць, што некалькі гадзін раней прэс-офіс групы кампаній „АСЭ” назваў інфармацыю аб няштатнай сытуацыі на будаўніцтве АЭС не адпаведнай рэчаіснасьці.
Гэта ўжо ня першае паведамленьне аб інцыдэнтах, якія, верагодна, адбыліся на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС.
belapan.com/аз