Logo Polskiego Radia
Print

Рэжысэр зьбірае сродкі на экранізацыю апавяданьня Васіля Быкава

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 20.07.2016 13:24
Для прасоўваньня праекта аўтары зьнялі трэйлер да фільма.

На плятформе «Талака» пачаўся збор сродкаў на экранізацыю апавяданьня Васіля Быкава «Народныя мсьціўцы». Для прасоўваньня праекта аўтары зьнялі трэйлер да фільма. На здымкі фільма трэба сабраць 12 тысяч рублёў (120 млн да дэнамінацыі), таксама арганізатары запрашаюць валянцёраў, якім неабыякавая тэма.

Гэта фільм не пра партызанаў і не пра вайну, а пра маральны выбар, талерантнасьць, характэрныя рысы беларусаў, кажа аўтар праекта й рэжысэр Аляксандар Меліхавец. Ён запэўнівае, што акрамя цікавага й актуальнага сюжэту ў фільме будзе ўсё, чаго так не хапае зараз нашаму кіно – беларуская мова, зварот да нашай літаратуры й актуальных тэмаў.

Акрамя сродкаў, Аляксандар шукае й валанцёраў.

- Патрэбны ўсе, хто можа быць карысны на здымачнай пляцоўцы, у постпрадакшыне і ў рэклямнай кампаніі. Бессэнсоўна ўсё гэта пералічваць, таму што нехта можа гатаваць каву на здымачнай пляцоўцы ці паднесьці цяжкія рэчы, а нехта добра валодае грымам. Гэта калі казаць пра працу людзей, іх час. Таксама больш чым вітаецца, калі нехта, напрыклад, надрукуе тыраж прома-матэрыялаў ці дапаможа з тэхнікай для здымак за падзяку ў тытрах. А можа ў кагосьці ёсьць цікавы адміністрацыйны рэсурс і г. д. Усе, хто хоча, хай пішуць, справу знойдзем.

Аўтар хоча завяршыць праект да канца гэтага года. Да гэтага ён займаўся фатаграфіяй, здымкамі ролікаў і аўтарскага кіно зь невялікім бюджэтам.

tut.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт