Памерла Валянціна Быкава
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
04.07.2016 11:43
Каля 8-й раніцы 4 ліпеня ў рэанімацыйным аддзяленьні Віцебскага абласнога шпіталя пайшла з жыцьця сястра Васіля Быкава.
Радыё "Свабода"
Каля 8-й раніцы 4 ліпеня ў рэанімацыйным аддзяленьні Віцебскага абласнога шпіталя пайшла з жыцьця сястра славутага літаратара Васіля Быкава, найбліжэйшая сваячка й захавальніца ягонай памяці.
Валянціна Быкава трапіла ў абласны шпіталь 30-га траўня, пасьля таго, як некалькі дзён яе лекавалі ў Вушацкім раённым шпіталі. 89-гадовую спадарыню прывезла туды хуткая дапамога: 27-га траўня на Валянціну Быкаву быў зьдзейсьнены напад, і яна зьвярнулася да лекараў, бо істотна пацярпела.
Невядомы зламысьнік, якога дагэтуль не знайшлі, зайшоў у яе хату з бакавога ўваходу. А калі гаспадыня заўважыла прысутнасьць чужога чалавека, накінуўся на яе ззаду, заламіў рукі й пачаў душыць. Спадарыня Быкава закрычала, і ён уцёк.
У Вушацкім шпіталі ў Валянціны Быкавай дыягнаставалі пералом запясьця правай рукі, левага пляча й некалькіх рэбраў зь левага боку. Падчас знаходжаньня ў Віцебскім абласным шпіталі да гэтага дадалася посттраўматычная пнэўманія. Лекары ўвесь час ацэньвалі яе стан як цяжкі.
Радыё "Свабода"/ав